УВАГА! Вас здымае схаваная камера

Рубероид:

Вам якой паверх?

Вось многія людзі абураюцца: навошта ўсюды гэтыя відэакамеры, дзеля чаго гэтае татальнае відэаназіранне? Мала таго, што паўсюль відэаназіранне вядзецца, дык яшчэ і таблічкі папераджальныя вакол. І ў крамах, і ў заапарку, і нават у прыбіральні.

Убачыш надпіс, што відэаназіранне вядзецца, і як дурань апошні міма праходзіш, нічога не псуеш. А калі шчыра, то складваецца ўражанне, што ў палове гэтых месцаў ніякага відэаназірання і заваду няма, зрэшты як і электрычнасці.

Навошта ўсё гэта? Навошта нас падманваюць, а калі не падманваюць, навошта здымаюць? Што мы, Кэмеран Дыазы праз аднаго, га? Ці Томы Крузы?

Спакой, толькі спакой

Не сакрэт, што ўсе людзі (і гродзенцы тут не выключэнне) жадаюць праславіцца, зарабіць шмат грошай і, вядома ж, трапіць у тэлевізар. Для таго, каб наблізіць мару кожнага гродзенца, і арганізавана гэта паўсюднае відэаназіранне.

Не разумееце? Бывае.

Штодня з тысячамі беларусаў адбываюцца мільёны забаўных выпадкаў, штохвілінна хто-небудзь з іх трапляе ў якую-небудзь прышпiльную сітуацыю. На галовы падаюць перакладзіны, пераварочваюцца нявесты, з вокнаў падаюць каты. І, як на злосць, у гэты момант у людзей няма з сабой відэакамеры. Мільёны цікавых відэасюжэтаў так і не нараджаюцца на свет.

А калі б іх усе зняць, гэта ж колькі людзей атрымала б нарэшце свае законныя 10 хвілін славы праз YouTube і «Сам Сабе Рэжысёр»! Менавіта таму і вырашана было па усім горадзе ўсталяваць відэакамеры. Каб ніхто з жыхароў не перажываў потым з-за незнятых момантаў.

Дзякуючы новаўвядзенню ў шматлікіх журналістаў праца спросціцца. Цяпер не трэба будзе кругласутачна сядзець у падвале каля піўнога ларка ў чаканні сенсацыі. Прыйшоў у канцы дня, праверыў пошту, выбраў, што трэба, і пусціў у эфір.

Вы думаеце, у Гродна жывуць першаадкрывальнікі? А «Google Maps» дзеля чаго тады вынайшлі?

А хто будзе праглядаць увесь адзняты матэрыял? Для гэтага ж суперкампутар патрэбны!

Пакінем трыджыка ў спакоi. Гэтым займецца спецыяльна ненавучаная каманда прызыўнікоў-ухілістаў. Ім усё роўна ў КПЗ рабіць няма чаго. Улетку будатрадаўцы дапамагаць будуць.

Чакайце, а пастаяннае здыманне як суадносіцца з канстытуцыяй?

Спакойна. Ніхто вашыя правы не парушае. Калі не хочаце, каб вас здымалі, трэба напісаць заяву ў фонд сацыяльнай абароны маржоў. І вашае здыманне будзе спынена. Пры дапамозе спецыяльнай брыгады праграмістаў-тэрмінавікоў на ўсіх запісах замест вас будзе адлюстроўвацца чорны квадрат.

Неабходна абмовіцца, што дадзеная паслуга будзе не даступна людзям, якія маюць судзімасць, прывады у міліцыю, тым, хто ўзяў крэдыт, якія стаяць на ўліку ў нарколага і псіхіятра, а таксама ўсім членам БРСМ.

Так што, як вы бачыце, усё на карысць простых грамадзян. Глабальная фабрыка зорак атрымліваецца.

P.S. а з відэакамерамі ў прыбіральні ўвогуле ўсё зразумела, бо там жа самае сьмешнае . Гэта каб бяда не здарылася якая. Стане раптам чалавеку смешна каля пiсуара або туалетнай паперай парэжацца, пачне панікаваць, а тут яму адразу і хуткая дапамога на дапамогу. Так што ўсё правільна, мы падтрымліваем гэты курс.

Смешны Навiнавы

Смешной Новостной

Удиви нас, приятель

Комментарии ВКОНТАКТЕ:


н
а
в
е
р
х